Реферат: Мінск сучасны і старажытны

Трэблінцы. У 1966 годзе на месцы гэтай жудаснай трагедыі ўзведзены помнік.

Адзін з жахлівых эпізодаў часоў акупацыі Мінска— трагедыя яўрэйскага гета.

Гітлераўцы стварылі яго ўжо ў ліпені 1941 года ў раёне сучасных вуліц

Ракаўскай, Нямігі і Раманаўскай Слабады. На працягу 1941—1943 гадоў амаль усе

вязні гета (а гэта звыш 100 тысяч мясцовых і вывезеных з акупіраваных

еўрапейскіх краін яўрэяў) былі знішчаны. Найбольш масавы расстрэл вязняў

Мінскага гета адбыўся 2 сакавіка 1942 года, у раёне Юбілейнай плошчы. Тут, на

вуліцы Мельнікайтэ, у 1972 годзе быў усталяваны помнік ахвярам фашысцкага

генацыду.

У гонар гераічных жыхароў акупіраванага, але не пакоранага Мінска 8 мая 1985

года на праспекце Машэрава, паблізу парка Перамогі, быў адкрыты велічны,

вышынёй 45 метраў манумент «Мінск — горад-герой».

Асобнае месца ў мартыралогу Мінска займае ўрочышча Курапаты, што размешчана

ўсяго ў двухстах метрах ад мікрараёна Зялёны Луг. Вясной 1988 года ў тутэйшым

лясным масіве былі знойдзены шматлікія астанкі людзей. Адразу ж была створана

ўрадавая камісія і па гэтаму факту пракуратура БССР узбудзіла крымінальную

справу. Следства ўстанавіла, што ў 1937—1941 гадах супрацоўнікі Наркамата

ўнутраных спраў расстрэльвалі ў Курапатах рэпрэсіраваных сталінскім рэжымам

жыхароў Беларусі. Ва ўрочышчы на плошчы ў 30 гектараў было выяўлена 510

пахаванняў. Мяркуецца, што ў Курапатах было знішчана прыкладна 30 тысяч (па

іншых падліках, 100 тысяч) чалавек.

Урочышча Курапаты ўжо стала сусветным сімвалам крывавых рэпрэсій сталінскага

рэжыму. На ўшанаванне памяці яго ахвяр тут пастаўлены крыжы, камень, шчыты з

надпісамі, мемарыяльная пліта.

РАСКАЗВАЮЦЬ ВУЛІЦЫ

Падрабязна апісаць усе мінскія адметнасці практычна немагчыма. А чаму так ці

інакш называюцца некаторыя мінскія вуліцы?Менавіта толькі некаторыя, бо ўсяго

ў Мінску звыш шасцісот вуліц, завулкаў, праспектаў, трактаў, бульвараў,

праездаў і напісаць пра ўсе няма ніякай магчымасці. Таму выберу для расказа

асобы самыя знакамітыя, грунтоўна ўвайшоўшыя ў айчынную гісторыю.

Галоўная магістраль горада названа ў гонар Францішка Скарыны. Ён жыў з 1490

па 1551 год і праславіўся тым, што стаў першым усходнеславянскім і беларускім

друкаром. Скарына нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Кракаўскім і Падуанскім

універсітэтах, стаў бакалаўрам філасофіі, доктарам лекарскіх і вольных навук.

3 1517 па 1519 год ён выдаўу Празе 23 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да

старога беларускага пісьменства. Кнігі Скарына выдаваў і ў Вільні. Апошнія

гады жыцця служыў каралеўскім батанікам у Празе, дзе і памёр.

Адна з вуліц Мінска носіць імя Міколы Гусоўскага — сучасніка Скарыны,

беларускага паэта-гуманіста і асветніка эпохі Адраджэння. Атрымаўшы адукацыю

ў Вільні, Польшчы і Італіі, у 1518 годзе ён у складзе дыпламатычнай місіі

трапіў у Рым. Менавіта тут у 1522 годзе Гусоўскі па асабістай просьбе Папы

Рымскага Льва Х напісаў на лаціне свой знакаміты твор — «Песню пра постаць,

дзікасць зубра і паляванне на яго», якая ўвайшла ў сусветную скарбніцу

літаратуры як «Песня пра зубра». Гусоўскага па праву лічаць заснавальнікам

мастацкай рэнесансавай традыцыі ў паэзіі не толькі Беларусі, але і Літвы,

Украіны, Польшчы.

У назве вуліцы Каліноўскага ўвекавечаны імя і подзвіг Вікенція Канстанціна

Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863— 1864 гадоў на Беларусі і ў Літве.

Арыштаваны ў лютым 1864 года па даносу здрадніка, 26-гадовы паўстанец па

прыгавору ваенна-палявога суда быў павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Адна з вуліц горада носіць імя Івана Пуліхава, пра якога я ўжо ішла гаворка.

Ураджэнец Мінска, ён быў пакараны смерцю ў 1906 годзе за ўдзел у замаху на

мінскага губернатара.

Ёсць у Мінску і вуліца Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэта адзін з першых

беларускіх паэтаў XIX стагоддзя, драматург, тэатральны дзеяч, аўтар лібрэта

першых беларускіх опер і стваральнік першага беларускага тэатра.

Адна з галоўных вуліц горада і плошча ў яе пачатку носіць імя Якуба Коласа.

Для беларусаў гэты выдатны літаратар значыць прыкладна тое ж, што Пушкін для

расіян ці Міцкевіч для палякаў. Дарэчы, сапраўднае прозвішча

Коласа—Канстанцін Міцкевіч. Яго літаратурны багаж складае многія тамы, а

трылогія Коласа «На ростанях» і паэма «Новая зямля» ўвайшлі ў лік шэдэўраў

сусветнага ўзроўню.

Імя Янкі Купалы носіць адна з цэнтральных вуліц Мінска. У скверы яго імя

(непадалёку ад цырка) усталяваны велічны помнік гэтаму вялікаму паэту,

сапраўднае імя якога — Іван Луцэвіч. Яго цудоўная паэзія, як і таленавітая

проза Якуба Коласа, з'яўляецца гордасцю беларускай літаратуры. Паэт трагічна

загінуў у 1942 годзе ў Маскве пры досыць загадкавых абставінах.

Ганарацца мінчане і тым, што ўраджэнцам іх горада з'яўляецца цудоўны паэт

Максім Багдановіч, імя якога носіць адна з галоўных вуліц горада. Ён пражыў

усяго 25 гадоў і памёр ад сухотаў у 1917 годзе ў Ялце. Напісана Багдановічам

няшмат, але яго вытанчаная лірыка зрабіла імя паэта сусветна вядомым. Каля

тэатра оперы і балета, непадалёк ад вуліцы яго імя, усталяваны помнік гэтаму

знакамітаму паэту.

Наогул, падарожнічаючы па мінскіх вуліцах, можна зрабіць выснову, што зямля

беларуская дала свету цэлую плеяду таленавітых літаратараў — паэтаў,

празаікаў, драматургаў. Іх імёны носяць многія вуліцы Мінска: Міхася Чарота і

Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага і Пятра Глебкі, Міхася Лынькова і Янкі Маўра,

Івана Мележа і Андрэя Макаёнка.

У назвах мінскіх вуліц увекавечаны імёны многіх таленавітых дзяржаўных

дзеячаў. Адна з іх носіць імя Аляксандра Чарвякова, старшыні першага

беларускага ўраду. Ён быў несправядліва абвінавачаны ў антысавецкай і

контррэвалюцыйнай дзейнасці і ў 1937 годзе ў разгар сталінскіх рэпрэсій

скончыў жыццё самагубствам.

3 1927 па 1937 год узначальваў беларускі ўрад Мікалай Галадзед, імя якога

таксама носіць адна з мінскіх вуліц. Гэты выдатны дзяржаўны дзеяч у 1937

годзе таксама стаў ахвярай сталінскіх катаў. Арыштаваны чэкістамі, ён

выкінуўся з акна будынка Наркамата ўнутраных спраў.

Імя Сяргея Прытыцкага носяць вуліца і плошча ў Мінску. Гэта чалавек

легендарнага лёсу, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, у апошнія

гады жыцця — старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. 27 студзеня 1936

года на судовым працэсе Прытыцкі страляў у правакатара, быў цяжка паранены,

арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю, якую пасля пад націскам

сусветнай грамадскасці замянілі ў апошні момант пажыццёвым зняволеннем. Гэта

драматычная падзея стала сюжэтам для знакамітага беларускага фільма «Чырвонае

лісце», у якім Прытыцкі выведзены пад імем Андрэя Мяцельскага.

Пётр Машэраў, імем якога названы адзін з галоўных праспектаў Мінска,— досыць

рэдкі сёння прыклад сучаснага дзеяча, які карыстаўся пры жыцці павагай і

любоўю простых людзей Беларусі. Настаўнік, падпольшчык, партызан, дзяржаўны і

партыйны дзеяч, Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы, ён

пятнаццаць гадоў быў фактычным кіраўніком БССР. Якраз у гэты час Беларусь

дасягнула самых значных поспехаў у эканамічным і сацыяльным жыцці, стала

найбольш развітай рэспублікай СССР. Жыццё Машэрава абарвалася трагічна: 4

кастрычніка 1980 года ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе.

Натуральна, што ў вулічнай тапаніміцы Мінска шырока прадстаўлена памяць пра

Вялікую Айчынную вайну: многія вуліцы беларускай сталіцы носяць імёны людзей,

якія здзейснілі подзвігі ў той гераічны час, а адзін з самых вялікіх

праспектаў горада называецца Партызанскім. У Мінску ёсць вуліцы, названыя ў

гонар кіраўнікоў гарадскога патрыятычнага падполля, Герояў Савецкага Саюза

Ісая Казінца, Івана Кабушкіна, Уладзіміра Амельянюка і Мікалая Кедышкі, якія

загінулі ад рук акупантаў. Адна з вуліц горада носіць імя беларуса Героя

Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Гастэлы, які 26 чэрвеня 1941 года, на пяты

дзень вайны ў баях пад Мінскам накіраваў свой падбіты самалёт на калону

варожай тэхнікі, другая — таксама беларуса і Героя Савецкага Саюза Аляксандра

Гараўца — адзінага ў свеце лётчыка, што ў адным паветраным баі збіў дзевяць

гітлераўскіх самалётаў. Асабіста я маю гонар жыць на вуліцы, названай імем

Героя Савецкага Саюза Івана Русіянава. Ён камандаваў легендарнай 100-ай

стралковай дывізіяй, якая ў першыя дні вайны ў раёне Астрашыцкага Гарадка

стойка абараняла Мінск, нанесла ворагу вялікія страты і ў верасні 1941 года

стала першай гвардзейскай дывізіяй Чырвонай Арміі. А нядаўна адна з гарадскіх

вуліц атрымала імя мінчаніна Трыфана Лук`яновіча. Менавіта ён пад час штурму

Берліна пад абстрэлам выратаваў ад смерці нямецкую дзяўчынку і стаў для

знакамітага скульптара Яўгена Вучэціча правобразам для стварэння сусветна

вядомага манумента воіна-вызваліцеля, які ўсталяваны ў Берлінскім Трэптаў-

парку.

Тэатры і мастацкія калектывы

У Мінску першы тэатр з'явіўся больш за 300 гадоў таму. У 1692 годзе пры

езуіцкім калегіуме быў створаны школьны тэатр. Гісторыя данесла да нас назвы

некаторых спектакляў, што былі пастаўлены на езуіцкай сцэне: «Уступленне на

трон рымскага імператара Сэвера», «Пра Барыса і Глеба», «Уладзіслаў Ягайла,

кароль польскі і разгром ім крыжакоў пад Грунвальдам».Прайшло больш за

паўтара стагоддзя перш чым прафесійны акцёр Вяржбіцкі стварыў у 1846 годзе

першую ў Мінску тэатральную трупу.

У гісторыю Мінска тэатральнага ўвайшла і яшчэ адна дата — 9 лютага 1858 года.

Менавіта ў гэты зімовы вечар у прыватнай тэатральнай зале Поляка адбылася

прэм'ера першай беларускай оперы «Сельская ідылія» («Сялянка»). Лібрэта яе

стварыў мінчанін, вядомы беларускі літаратар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, а

музыку напісаў не менш вядомы кампазітар ураджэнец мінскіх ваколіц Станіслаў

Манюшка. Дэкарацыі для спектакля падрыхтаваў мінскі мастак Адам Шэмеш.

Акрэсліўшы пачаткі мінскага тэатральнага жыцця, вернемся ў сучасны тэатральны

Мінск.

Нацыянальны Акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета.

Тэатр створаны на базе Беларускай студыі оперы і балета, якая існавала ў

Мінску ў 1930—1933 гадах. Адкрыты 25 мая 1933 года спектаклем «Кармэн»

Ж.Бізэ.Класічны рэпертуар: оперы—«Князь Ігар» А. Барадзіна, «Іяланта»,

«Яўгеній Анегін» П. Чайкоўскага, «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава,

«Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага, «Лаэнгрын» Р. Вагнера,

«Арэстэя» С. Танеева, «Вайна і мір» С. Пракоф'ева, «Атэла», «Аіда», «Дон

Карлас», «Рыгалета», «Травіята» Дж. Вердзі, «Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха,

«Севільскі цырульнік» Дж. Расіні; балеты — «Жызель», «Карсар» А. Адана,

«Сільфіда» X. Левенскольда, «Дон Кіхот» Л. Мінкуса, «Лебядзінае возера»,

«Спячая прыгажуня», «Шчаўкунчык» П. Чайкоўскага, «Стварэнне свету» А.

Пятрова, «Вяснасвяшчэнная» I. Стравінскага, «Раймонда» А. Глазунова, «Рамэо і

Джульета» С. Пракоф'ева, «Спартак» А. Хачатурана, «Карміна Бурана» К. Орфа.

Нацыянальны рэпертуар: оперы — «Джардана Бруна» С. Картэса, «Сівая легенда»

Дз. Смольскага, «Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера, «Дзікае паляванне караля Стаха»

У. Солтана, «Князь Наваграцскі» А. Бацдарэнкі; балеты — «Святло і цені»,

«Пасля балю», «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера, «Мара», «Альпійская балада»,

«Выбранніца», «Тыль Уленшпігель» Я. Глебава, «Страсці (Рагнеда)» А. Мдзівані.

Балетная трупа тэатра, па меркаванні спецыялістаў, адна з лепшых у Еўропе і з

1974 года шмат гастраліруе, у тым ліку на самых прэстыжных сцэнах свету. 3

1993 года гастраліруе за мяжой і оперная трупа.

Нацыянальны Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Створаны ў 1920 годзе. Менавіта ў гэтым тэатры склалася нацыянальная школа

акцёрскага мастацтва. У класічным рэпертуары п'есы Ж, Б. Мальера, Л. Ф. Лопе

дэ Вегі, У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, Ф. Шылера, Г. Ібсена, Б. Нушыча, Б.

Брэхта, А. Астроўскага, М. Горкага, А. Чэхава, М. Гогаля; у нацыянальным

рэпертуары — п'есы Я. Купалы, К. Чорнага, 3. Бядулі, Э. Самуйлёнка, К.

Крапівы, А. Макаёнка, А. Дударава.

Дзяржаўны Акадэмічны рускі тэатр імя Максіма Горкага.

Створаны ў 1932 годзе ў Бабруйску, працаваў у Магілёве, Гродне, з 1947 года—у

Мінску.Найбольшым поспехам карысталіся пастаноўкі класічных п'ес М. Горкага,

А. Талстога, А. Астроўскага, А. Чэхава, М. Лермантава, Б. Брэхта, У.

Шэкспіра.

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.

Вялікім попытам карыстаюцца наступныя тэатры: Тэатр юнага гледача Рэспублікі

Беларусь, Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусь-фільм», Тэатр сатыры і

гумару «Хрыстафор», Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя

Г. I. Цітовіча, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі

Беларусь, Мінскідзяржаўны цырк і інш.

Музеі

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Мінску жыў і працаваў вядомы беларускі гісторык,

краязнавец і археолаг Міхаіл Гаусман, які калекцыяніраваў прадметы

старажытнасці, археалагічныя знаходкі, манеты, пячаткі, медалі. Быў ён

чалавекам досыць заможным і недзе ў 1840-ыя гады ў адным са сваіх дамоў (на

сучаснай плошчы Свабоды) арганізаваў хатні музей. Гэта была, бадай што,

першая ў Мінску ўстанова такога кшталту.

На зыходзе XIX стагоддзя справу Гаусмана працягваў Беларускі гісторык-

археолаг Генрых Татур, які заснаваў у горадзе багаты прыватны музей гісторыі

матэрыяльнай культуры Беларусі з унікальнай бібліятэкай рукапіснай і

старадру-каванай кнігі, сярод якіх была і знакамітая «Біблія» Скарыны.

Музейнае сузор'е сучаснай беларускай сталіцы выглядае наступным чынам.

Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.

Створаны ў 1957 годзе. Знаходзіцца ў будынку, узведзеным у пачатку XX

стагоддзя. Мае ў сваім складзе 11 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай звыш

1600 квадратных метраў. У фондах музея налічваецца больш за 250 тысяч экспа-

натаў: прадметы побыту і мастацтва першабытнага чалавека, вырабы

сярэднявечных рамеснікаў, зброя і нумізматычныя калекцыі (у тымліку — 105

скарбаў), мэбля, фарфор, шкло, карціны XVII—XVIII стагоддзяў, збор актаў і

грамат XVI— XVIII стагоддзяў, рукапісныя і друкаваныя кнігі XVI— XVII

стагоддзяў. У музеі дзейнічае пастаянная экспазіцыя «Старажытная Беларусь».

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Заснаваны ў 1939 годзе як Дзяржаўная карцінная галерэя. 10 экспазіцыйных

залаў музея маюць плошчу звыш 1700 квадратных метраў. У фондах знаходзіцца

больш 22 тысяч экспанатаў: унікальныя калекцыі археалагічных помнікаў

XII—XVIII стагоддзяў, беларускіх абразоў XV — XVIII стагоддзяў, драўлянай

скульптуры XVII—XVIII стагоддзяў, узоры старажытнага і сучаснага дэкаратыўна-

прыкладнога мастацтва, жывапісныя, скульптурныя і графічныя работы беларускіх

мастакоў XVIII—XIX стагоддзяў. Акрамя таго, шырока прадстаўлена рускае,

заходнееўрапейскае і краін Усходу мастацтва.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Заснаваны ў 1943 годзе. Мае экспазіцыйную залу плошчай 3600 квадратных

метраў. У музеі захоўваецца больш 120 тысяч экспанатаў (болын 96 тысяч —у

асноўным фондзе): артылерыйскае і стралковае ўзбраенне, калекцыі сцягоў

партызанскіх брыгад і атрадаў Беларусі, баявыя карты, загады і данясенні,

фотаздымкі і асабістыя рэчы партызан, рукапісныя часопісы, падпольныя газеты

і лістоўкі.Музей мае два філіялы — мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Курган

Славы».

Музей старажытнабеларускай культуры.

Заснаваны ў 1977 годзе пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і

фалыслору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адкрыты ў 1979 годзе.

Агульная плошча музея — 1200 квадратных метраў, палову з іх занімаюць

экспазіцыі. У музеі захоўваецца больш 17 тысяч экспанатаў, у тым ліку 600

твораў жывапісу, 4500 — дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур,

2600 узораў народнага ткацтва, археалагічныя знаходкі, абразы XV—XVIII

стагоддзяў, скульптура XV—XIX стагоддзяў, слуцкія паясы XVIII стагоддзя,

старадрукі, разьба, вырабы з металу, гліняны посуд, цацкі, вырабы з саломкі,

прадметы побыту і мастацтва.

Заключэнне

Наперадзе шмат работы. Мінск будуецца сёння, будзе будавацца заўтра.

Будавацца яму вечна, бо вечнае само жыццё. Будавацца і прыгажэць, цешыць вока

мінчан, радаваць і захапляць гасцей.

Сцяг Мінска

Реферат: Мінск сучасны і старажытны

Блакітнае палотнішча з відарысам Дзевы Марыі ў чырвона-фіялетавым адзенні,

побач з ёй два белыя анёлы, якія ўзносяць яе на нябёсы, і два херувімы. Абутак

Дзевы Марыі чырвоны, німбы ва ўсіх залатыя. Габарытная шырыня гербавай эмблемы

роўная 2/5 даўжыні палотнішча. Даўжыня палотнішча ў паўтара раза большая за

шырыню.

Эталон флага пастаянна захоўваецца ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце.

Дзева Марыя з анёламі і херувімамі - герб горада з 12 студзеня 1591 года,

дараваны польскім каралём Сігізмундам.

Гімн Мінска

Песня пра Мiнск

Словы I. Панкевiча

Музыка У.

Алоўнiкава

Краса беларускага краю

I творчае думкi ўзлет,

Табе сваю песню складаю,

Мой горад герой-патрыёт.

Прыпеў:

Хай удалеч песня мчыцца

Над краiнай дарагой,

Ты спявай, мая сталiца,

Родны сэрцу горад мой.

I паркi твае, i бульвары

Люблю я вячэрняй парой.

Паўсюль закаханыя пары

I шэпат, i смех над ракой.

Прыпеў.

Тваёй ганаруся я славай,

I рады я шчырай душой,

Што ў гэтай красе велiчавай

Ёсць доля i працы маёй.

Прыпеў.

Спіс літаратуры:

1. С. Асіноўскі “Мінск”. – Мн.: Полымя, 1990. – 144 с.:іл.

2. Сусветнае павуцінне – Неафіцыйная старонка горада Мінска (www.i-minsk.com)

3. З.В. Шыбека, С.Ф. Шыбека “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада”. – Мн.: Полымя, 1994. – 341 с.

4. У. М.Юрэвіч “Мінск. Учора, сёння, заўтра”. – Мн.: Юнацтва, 1982. – 125 с.

5. А. І. Лакотка “Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры”. – Мн.:Полымя, 1991. – 126с.

6. Минск: Исторический очерк / Предисл. А.Н.Кулагина; Худож. Е.А.Ждановская. – Мн.: Унівесітэцкае, 1994. - 48с.

7. Беларуская Энцыклапедыя:У 18 т. Т. 10 – Мн.:БелЭн, 2000. – 544 с.

Страницы: 1, 2, 3



Реклама
В соцсетях
бесплатно скачать рефераты бесплатно скачать рефераты бесплатно скачать рефераты бесплатно скачать рефераты бесплатно скачать рефераты бесплатно скачать рефераты бесплатно скачать рефераты